Францыск Скарына
Францыск Скарына нарадзіўся ў Полацку, вучыўся ў Кракаве, а ў Падуанскім універсітэце атрымаў ступень доктара медыцыны. Але справай жыцця Скарыны стала не медыцына, а друк Бібліі па-беларуску.
Кнігадрукаванне — новае вынаходніцтва таго часу — змяніла свет. Раней доступ да кніг мелі нямногія. Каб перапісаць толькі адзін асобнік, патрэбныя былі месяцы, а то і гады!
Кнігадрукаванне зрабіла працэс стварэння кніг хуткім і танным. Цяпер кнігі рабіліся дасяжнымі для ўсіх людзей.
6 жніўня 1517 года Францыск Скарына ў Празе пачаў друкаваць Біблію на беларускай мове. Гэтым ён распачаў друкарскую справу ва ўсім рэгіёне. Біблія Скарыны стала першай ва Усходняй Еўропе друкаванай кнігай і ўвайшла ў ТОП-10 у свеце. Друкаваная Біблія па-беларуску з’явілася раней за англійскую на 8 год, раней за польскую на 34 гады, раней за расійскую больш як на 300 год! За ўвесь час сваёй працы Скарына надрукаваў каля 10 тысяч біблійных кніг. Гэта значыць, што кожны пісьменны беларус тых часоў мог атрымаць па асобніку кнігі Скарыны на роднай мове.
Скарына не выпадкова друкаваў кнігі менавіта на старабеларускай мове. У гэтым выражаліся яго патрыятызм і любоў да Бацькаўшчыны. Ён пісаў: “Як ад нараджэння звяры ведаюць ямы свае; птушкі ведаюць гнёзды свае; рыбы чуюць віры свае; пчолы бароняць вуллі свае, – так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”.
Выбітны вучоны і асветнік так тлумачыў выбар кнігі для друку: “Біблія для дзяцей і людзей простых — навука, для настаўнікаў і людзей мудрых — здзіўленне. У гэтай кнізе ўсёй мудрасці пачатак і канец”.
Кнігадрукаванне стала перадумовай Рэфармацыі ў Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі, а праца Францыска Скарыны запісала яго імя залатымі літарамі ў гісторыю Беларусі.